МА́ЙКЕЛЬСАНА ДО́СЛЕД,

фізічны эксперымент, пастаўлены з мэтай выявіць уплыў руху Зямлі на скорасць распаўсюджвання святла. Праведзены ў 1881 А.А.Майкельсанам і паўтораны ў 1886—87 (разам з амер. фізікам Э.У.Морлі). Даказаў незалежнасць скорасці святла ад руху Зямлі. Гэты факт не знайшоў тлумачэння ў класічнай фізіцы і даў падставу лічыць скорасць святла інварыянтнай велічынёй — аднолькавай ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку, што з’явілася адным з пастулатаў спец. адноснасці тэорыі. Вынікі М.д. з вялікай дакладнасцю пацверджаны амер. фізікамі ў 1964 у эксперыменце, праведзеным пры дапамозе лазерных крыніц святла.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)